БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.

Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем Пятра І і А.Д.Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс. чал.) ген. А.Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.Х.Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс. чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр І назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)